Святкаванне Дня Незалежнасці Беларусі на Іўеўшчыне пачалося з ускладання кветак да помнікаў воінам, загінуўшым у Вялікай Айчыннай вайне

Унікальнасць беларускага Дня Незалежнасці, даты, якія самым дэмакратычным у свеце спосабам, на рэферэндуме, выбралі беларусы – у яе сімвалічнасці. 3 ліпеня адсылае нас не да распаду Савецкага Саюза і фармальнай незалежнасці, а да моманту нашага найвялікшага трыўмфу – вызваленню роднай зямлі. У гэтым подзвігу ўдзельнічалі ўсе народы вялікай краіны, і таму наш Дзень Незалежнасці і наша галоўнае дзяржаўнае свята збліжае і дзяржавы, і народы, – усіх нашчадкаў пакаленняў пераможцаў.

Вайна прайшла праз кожную сям’ю, 22 чэрвеня і сёння – самая жалобная дата ў календары. Але 3 ліпеня краіна нібы зноў перажывае веліч моманту вызвалення. Кожны дзень вайны, мужнасць вызваліцеляў і стойкасць народа – частка нашай самасвядомасці, якая перадаецца з пакалення ў пакаленне.
У гэты ўрачысты дзень, дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, дзень вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў ля помніка воінам-вызваліцелям у парку  г. Іўе сабраліся прадстаўнікі раённай улады, лідары і члены грамадскіх аб’яднанняў, працоўных калектываў, моладзь і ветэраны працы, каб  аддаць даніну глыбокай павагі гераічнасці франтавікоў і працаўнікоў тылу, якія сваім патрыятызмам і верай у Перамогу адстаялі свабоду, практычна зноў адбудавалі і аднавілі краіну пасля ваеннага ліхалецця.

Гэты памятны дзень – нагода для нас успомніць аб тых вялікіх стратах, якія панёс народ Беларусі ў час вайны. Толькі на тэрыторыі нашага раёна склалі галовы у Вялікай Айчыннай за светлую будучыню больш за пяць тысяч чалавек.

-3 ліпеня – адна з найважнейшых дат у календары беларускай нацыянальнай памяці разам з трагічным 22 чэрвеня і гераічным 9 мая, – сказаў старшыня райвыканкама Ігар Генец. –  І калі 22 чэрвеня мы схіляем галовы ў памяць аб ахвярах той страшнай вайны, а 9 мая мы радуемся Вялікай Перамозе ўсяго свету над фашызмам, то Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь – нагода асэнсаваць трагедыю і гераізм усяго беларускага народа.
Мы, нашчадкі пераможцаў, у гэты святочны дзень выказваем вялікую ўдзячнасць пакаленням, якія бачылі кровапралітную вайну, вызвалілі краіну ад гітлераўскіх захопнікаў, перамаглі генацыд і ў пасляваенны час аднавілі рэспубліку. Іх подзвіг – гэта духоўны фундамент, які сёння дапамагае нам дастойна пераадольваць цяжкасці і ўпэўнена ісці да пастаўленых мэт.

Затым адбылося ўскладанне кветак да памятнага знака «У гонар загінуўшых землякоў у гады Вялікай Айчыннай вайны» і помніка землякам, якія загінулі ў Афганістане. Памяць аб гераічных продках ўшанавалі хвілінай маўчання.

Мерапрыемствы ў гонар Дня Незалежнасці прадоўжыліся на святочнай пляцоўцы набярэжнай г. Іўе.

І. Бутурля. Фота С. Зянкевіча.

https://ivyenews.by/